ВІ́ЦЕБСКАЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ МАСКО́ЎСКАГА АРХЕАЛАГІ́ЧНАГА ІНСТЫТУ́ТА,
навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1911—22. Адкрыта па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Ф-ты: археал., археаграфічны, гісторыі мастацтва (з 1917). Тэрмін навучання 3 гады, з 1917 — 4 гады, разлічаны на слухачоў з вышэйшай адукацыяй, але сярод іх пераважалі выпускнікі сярэдніх школ. У 1911 на 1-ы курс прынята каля 90 чал., у 1918/19 навуч. г. вучылася 428 чал. Выкладалі археолаг В.А.Гарадцоў, мастацтвазнавец А.І.Успенскі, гісторыкі Б.Р.Брэжга (з 1918 заг. аддзялення), А.П.Сапуноў (курс «Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю»), У.М.Перцаў, этнограф У.М.Дабравольскі, філолагі Р.Ф.Брант, М.І.Навасадскі, С.І.Сабалеўскі і інш. На пач. 1919 аддзяленню перададзены б-ка, музей і гіст. архіў б. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, частка б-кі б. Віцебскага езуіцкага калегіума. У распараджэнні аддзялення быў Віцебскі губернскі архіў. У 1922 аддзяленне выдавала рукапісны час. «Белорусский этнограф» (выйшлі 2 нумары).
З.В.Шыбека.
т. 4, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)